ШЧЫ́РЫ БЕЛАРУ́С (псеўд.; імя і гады жыцця невядомы),
аўтар нелегальнай гектаграфічнай брашуры на рус. мове «Пасланне да землякоў-беларусаў», датаванай 1.1.1884. На думку некат. даследчыкаў, гэтым псеўданімам, а таксама псеўд. «Самашчыры беларусін» карыстаўся В.Савіч-Заблоцкі. Магчыма, належаў да групы рэв. народнікаў з асяроддзя студэнтаў-беларусаў Пецярб. ун-та. У брашуры выступаў супраць памяркоўнай пазіцыі ліберальнага народніка Д.Баравіка, што абмяжоўвалася толькі асветніцкай дзейнасцю на карысць народа. Лічыў гал. задачай вызв. руху беларусаў барацьбу супраць царызму, тагачаснага паліт. і эканам. ладу. Падкрэсліваў, што дасягнуць поспеху ў такой барацьбе можна толькі абапіраючыся на народ і аб’яднаўшыся з усімі рэв. сіламі Расіі, найперш з арг-цыяй «Народная воля». Паводле сваіх поглядаў быў блізкі да выдаўцоў час. «Гомон».
Тв.:
У кн.: Публицистика белорусских народников. Мн., 1983. С. 33—59.
І.С.Александровіч.
т. 17, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)